P.L.A.N.
P.L.A.N. — беларускі блюзавы гурт, заснаваны ў 2001 годзе Андрэем Плясанавым.
Перадгісторыя
Імя лідэра гурту P.L.A.N. Андрэя Плясанава памятаюць яшчэ беларускія бітнікі рубяжа 1960–1970 гадоў, калі ён быў сярод арганізатараў і ўдзельнікаў першых біт-фэстываляў у Менску. У той час, калі ў Белдзяржфільгармоніі рабілі толькі першыя крокі цяперашнія нашыя легенды «Лявоны» («Песьняры»), Юры Антонаў, «Дойліды», «Шпакі», быў там і артыст фільгармоніі Андрэй Плясанаў. На выпуск уласных альбомаў у той час мелі шанец толькі выбраныя, таму пісаліся песьні «у стол». Зрэшты, нават у той час Андрэй Плясанаў станавіўся ляўрэатам розных гарадзкіх і рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкай песьні. І ўсё ж, як сьпяваецца ў папулярнай ненароднай песьні, у той час было «цяжка заставацца паслом рок-н-рола ў нерытмічнай краіне», таму далейшы лёс Андрэя Плясанава быў зьвязаны не з музыкай, але надалей з творчасьцю: пасьля сканчэньня Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту ён працуе рэжысэрам студыі «Летапіс» кінатсудыі «Беларусьфільм», здымае дакумэнтальнае й мастацкае кіно. Акрамя таго здолеў праславіцца нават у розных краінах Эўропы як небанальны мастак-авангардыст (ягоныя працы можна знайсьці ў нідэрляндзкім каталёгу «1001 reasons of Earth», польскім «Jestesmy» і іншых).
Стварэньне гурту
Напрыканцы 20 стагодзьдзя Плясанава зноў паклікала музыка, і ён стварыў гурт, які вырашана было назваць P.L.A.N. (што азначае P.Lясанаў A.Nдрэй). Выступаючы на «Рок-Каранацыі–2001», Андрэй Плясанаў знаёміцца з двума цікавымі людзьмі: саўнд-прадусэрам Генадзем Сыраквашам і журналістам Вітаўтам Мартыненкам. Першы адразу стаў дарадчыкам Андрэя ў сфэры спасьціжэньня гукарэжысэрскай навукі. А наступным крокам стала паўнавартасная студыйная праца ва ўласнай студыі.
У першы склад калектыва ўвайшлі сам Андрэй (вакал, гітара, вусны гармонік), ягоны даўні сябар, прафэсыйны бас-гiтарыст Анатоль Стэцэнка («Харошкі»), бубнач Андрэй Сапоненка («Kriwi«, «Flat», «žygimont VAZA»), гітарыст Георгi Станкевіч.
Роля другога «каранацыйнага» знаёмцы Плясанава (Вітаўта Мартыненкі) выявілася ў агульным жаданьні вярнуць у беларускі кантэкст старыя свае песьні дый пісаць у гэтым кантэксьце новыя.
Першыя альбомы
Такім чынам увесну 2003 году на беларускім музычным рынку зьявіўся першы паўнафарматны альбом «Blues у канцы тунэлю». З праграмай гэтага альбому гурт выступіў ня толькі на салідных канцэртовых пляцоўках Беларусі, але і ў зорнай праграме аднаго з буйнейшых фэстываляў Эўропы «Noc bluesowa» ў Раве Мазавецкай (Польшча).
Не прымусіў доўга чакаць другі альбом «Вам слова, Джон Ячмень», прэзэнтацыя якога прайшла ў сьнежні таго ж 2003 году ў клюбе «Alcatraz». Тады да складу далучыўся яшчэ адзін знакаміты гітарыст Андрэй Дзяменцьеў.
Праз год — яшчэ адна прыкметная прэм'ера: альбом «Вялікае калі ласка», ў які ўвайшлі, акрамя рытм-энд-блюзу, і экспэрымэнты Андрэя ў модных плынях рэп-музыкі, адзін зь якіх — «Пасадзіў дзед рэпку» — ўвайшоў у першы зборнік беларускага рэпу і нават даў яму назву — «Пасадзіў DEAD RAPку».
Новая канцэпцыя
Над тым, якім быць чацьвертаму альбому гурту P.L.A.N., Андрэй Плясанаў думаў не адзін год. Найперш таму, што хацелася пазьбегнуць жанравага зацыкліваньня (кшталту толькі рытм-энд-блюз). Па-ранейшаму застаючыся прыхільнікам гэтага напрамку, Андрэй Плясанаў назапашваў і іншы матэрыял: было ў яго нямала ўласных апрацовак фальклёру, былі экспэрымэнты з рэпам, былі цікавыя ўласныя кавэр-вэрсыі сусьветных гітоў (ня толькі амэрыканскіх альбо ангельскіх, але й польскіх, украінскіх, расейскіх).
Паступова выпрацавалася глябальная канцэпцыя пад агульнай назвай «Piosenki samotnego Lićvina». У першую частку, названую «Зьніч надзеі», акрамя аднайменай песьні й знакамітай «Шынкарачкі» (упершыню запісаная ў мяккай акустычнай вэрсыі) увайшлі дзьве кавэр-вэрсыі твораў знакамітай польскай каманды 60-х «Czerwone gitary» («Анна-Марыя» С. Краеўскага на вершы К. Дзікоўскага, «Колеры восені» С. Краеўскага на вершы М. Гачыньскага), два фальклёрных эвэргрына («Туман-бацюхна», «Гоман-гоман»), два творы на вершы Вітаўта Мартыненкі («Шэра-ружовыя сны», «Успамін пра будучыню») і маладога, але здольнага ў паэзі, кампазыцыі ды выканаўчым майстэрстве, Яраша Малішэўскага («Выправа»), і шэраг іншых твораў.
Выдаўцы
Выданьнем і прамоўцыяй першых двух альбомаў гурт займаўся самастойна, а наступнымі рэлізамі пасьля ўдзелу гурту P.L.A.N. у шэрагу супольных праектаў лэйбла «BMAgroup», заняўся менавіта гэты выдавец. Таксама гурт удзельнічаў у праектах кампаніі «West Records» і «VoliaMusic».
Удезельнікі
Андрэй Плясанаў: сьпеў, гітара, гармонікАндрэй Дзяменцьеў: гітараАндрэй Сапоненка: бубныГеоргi Станкевіч: гітараАнатоль Стэцэнка: бас-гітара, баян, дадатковы сьпеў
Альбомы
Blues у канцы тунэлю (2003)Вам слова, Джон Ячмень (2003)Вялікае калі ласка (2004)Piosenki samotnego Lićvina (2006)
Афіцыйная хатняя старонка Read more on Last.fm. User-contributed text is available under the Creative Commons By-SA License; additional terms may apply.
|
Statistics:
- 7,138plays
- 1,004listners
- 59top track count
|